Гiстарычны замалюнак
Гэты гарадок паводле легенды заснаваны Евай, жонкай Гедымiна. Гэта яна быццам збудавала на некалi непраходных балотах ракi Гаўi замак, рэшткi якога вiдныя ў горадзе i цяпер. У Iўе можна ўбачыць тыя ж "тарцовыя" дамкi, як i ў iншых гарадах. На плошчы за валам узвышаецца двухвежавы бернардiнскi касцел Пятра i Паўла, збудаваны разам з кляштарам на iўеўскiм
Замчышчы ў 1631 годзе ўладальнiкам мястэчка каштэлянам троцкiм i лiтоўскiм падскарбiем князем Мiкалаем Кiшкай. Гэты аднанефавы двухвежавы зальнага тыпу храм з пяцiбаковай апсiдай мае сцiплы, але не пазбаўлены мастацкай выразнасцi галоўны фасад. Кiдаецца ў вочы супрацьпастаўленне гладкай, моцна выцягнутай у шырыню сцяны нiжняга яруса, быццам бы пакарочанаму верхняму ярусу з тонкiмi шырокапастаўленымi вежамi i фiгурным шчытом памiж iмi.
Пры бернардзiнскiм касцеле некалi iснавала "Iўеўская арыянская акадэмiя", заснаваная Янам Кiшкай (памер ў 1592). У акадэмii было пяць класаў, i ад езуiцкiх i нават кальвiнiсцкiх школаў яна адрознiвалася большым лiбералiзмам, верацярпiмасцю (там вучылiся дзецi арыянаў, праваслаўных i католiкаў). Акрамя багаслоўя ў ей вывучалiся: фiласофiя, права, логiка, рыторыка, этыка, фiзiка, музыка, медыцына, а таксама пяць моваў: беларуская, латынь, грэцкая, стараяўрэйская, польская. Пры манастыры працавала бiблiятэка, якой карысталiся навучэнцы акадэмii, яна налiчвала 489 кнiг. Каля 1587 году рэктарам акадэмii быў прагрэсiўны гуманiст, педагог i паэт, аднадумец Сымона Буднага Ян Немыслоўскi. Яго пяру належаць некалькi падручнiкаў для ярыянскiх акадэмiй, надрукаваных у друкарнях Нясвiжа, Любчы i Лоска.
Фотаздымкi зроблены ў 2000 годзе.
| Па матэрыялах кнiгi Л.В.Аляксеева "Гродна i помнiкi Панямоння" | 17/12/2002, Belmont, California |
|