У паездку выправіліся 4 жніўня з нашай летняй стаянкі каля Віліі. Яшчэ перад Ашмянамі шчыты папярэджвалі аб памежнай зоне, але нідзе і ніхто нас не спыняў. Дзень быў пахмурны, часам з дожджыкам. Мабыць таму Ашмяны мелі нейкі прыемны прыбалтыйскі смак. Цудоўнейшы неабарочны касцёл Св. Міхаіла Архангела (пачатак 20-га ст.) у рыштаваннях. На гэтай жа плошчы месціцца і Васкрасенская царква 1885 г. у нязменным "рэтраспектыўна-рускім" стылі, але сціплая і даволі прыгожая, не лубочная.

Далей - Трабы. Касцёл Раства Дзевы Марыі, таксама пачатак 20-га, але ўжо "грунтоўная" неаготыка, вялізны гмах жоўтай цэглы с контрфорсамі і стральчатымі окнамі. А яшчэ тут ёсць драўляная Петрапаўлаўская царква 1784 г. з брамай - званіцай. Ад яе зыходзіць нейкі спакой, як ад усіх старых драўляных будынкаў.

Вось такі ж спакойны драўляны касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Дуды, што пад самым Іў'ем, пабудаваны ў 1772 г. на месцы больш старажытнага касцёла 1608 г. Гэты дудаўскі касцёл мае цудоўны алтар 18, а па словах мясцовага ксяндза, 17 ст. У ім - цудатворны абраз Маці Божай, а вакол яе металічныя рукі, ногі, сэрцы і інш. часткі цела - каму што гэтая ікона дапамагла вылечыць. Паразмаўлялі з ксяндзом, мне падалося, што самотна яму ў Дудах.

У Іў'і стары бернардзінскі касцёл у стылі ранняга барока адрэстаўраваны, а кляштар яшчэ ў рыштаваннях. З цяжкасцю, але знайшлі мячэць.
Касцёл Св. Казіміра ў Ліпнішках, неагатычны, у так званым "пражскім стылі", абкладзены ганітнымі блокамі, вельмі дасканалы, агароджа ў тым жа стылі, нажаль шпіль яшчэ рамантуюць.
А на цвінтары неабарочнага касцёла ў Беняконях бачылі магілу Марыі Путкамер - знакамітай Марылі Верашчакі, "першага кахання" Адама Міцкевіча.
Цудоўна захаваўся дом - крэпасць у Гайцюнішках,
які галандскі архітэктар Нонхарт пабудаваў тут дзеля сябе і сваёй сям'і яшчэ ў 1613 годзе. А вось ад замка ў Геранёнах толькі і засталіся валы, хоць і ўражваючыя, але спрэс у кастрышчах, смецці і бітым шкле. Старажытны Мікалаеўскі касцёл (1529 г.) рэстаўруюць.
Выпадкова патрапілі ў Канвелішкі і пабачылі карункавы прыгожы драўляны касцёл 1916 г. Адсюль ужо Літву бачна, тут і памежнікі маюць сваю кантору. А яшчэ амаль напрацягу ўсяго падарожжа кідаюцца ў вочы добрыя дарогі і вельмі мала людзей. Зноў жа - памежжа...
У Суботніках паглядзелі магутны неагатычны аднавежавы Станіславаўскі касцёл, фундаваны Станіславам Умястоўскім. А скончылі гэтае падарожжа ў Жамыслаўлі.

Нашлі яго не адразу, падказала дарогу, праехаўшы з намі, цудоўная мясцовая бабуля, казаўшая і пра палац і пра Матку Боску з гонарам і павагай да сваіх родных месцаў. Палац Умястоўскіх пабудаваны ў 1863 - 77 гг. падобным на каралеўскую рэзідэнцыю "Лазенкі" у Варшаве. Тут зараз праўленне калгаса і клуб, выглядае палац не вельмі дагледжаным, але і не зруйнаваны. А вось яго флігелі па баках руйнуюцца часам і людзьмі, такое ўражанне, што людзі, якія ў іх жывуць, проста пераходзяць з аднога пакоя ў другі па меры таго, як папярэднія разбураюцца. Затое лава - альтанка на ўездзе ў сядзібу са скульптурай Маці Божай дагледжана, упрыгожана кветкамі і бароніць усіх падарожнікаў.
| Жнівень 2002 года | Марына Зыкава, фотаздымкi мужа |
|